ГАНЦАВІЦКІ РАЁН размешчаны на паўночным усходзе Брэсцкай вобласці. Цэнтр — горад Ганцавічы. Мяжуе на захадзе з Івацэвіцкім, на поўдні — з Пінскім і Лунінецкім раёнамі, на поўначы — з Ляхавіцкім і Клецкім раёнамі, Брэсцкай і Мінскай абласцей, на усходзе — з Салігорскім раёнам Мінскай вобласці. Плошча 1 685 км², насельніцтва на 14 кастрычніка 2009 года 31 170 чалавек (15 042 - мужчын, 16 128 - жанчын; горад Ганцавічы — 13 894, 6 686 - мужчын, 7 208 - жанчын; сельскае насельніцтва — 17 276, 8 356 - мужчын, 8 920 - жанчын).
Утвораны 15.01.1940 года ў складзе Пінскай вобласці, 12.10.1940 года падзелены на 12 сельсаветаў: Агарэвіцкі, Ганцавіцкі, Дзяніскавіцкі, Круговіцкі, Кукаўскі, Лактышскі, Люсінскі, Малькавіцкі, Навасёлкаўскі, Рожанскі, Хатыніцкі, Чудзінскі.
З 08.01.1954 года ў складзе Брэсцкай вобласці. 16.07.1954 года скасаваны Круговіцкі, Кукаўскі, Чудзінскі сельсаветы, Ганцавіцкі перайменаваны ў Любашаўскі, Лактышоўскі ў Нацкі, Навасёлкаўскі ў Свяціцкі (22.04.1957 года перададзены ў Ляхавіцкі раён); 22.12.1959 года Рожанскі перайменаваны ў Чудзінскі с/с. 25.12.1962 года раён скасаваны, усе сельсаветы (акрамя Малькавіцкага) і гарадскога пасёлка Ганцавічы перададзены ў Ляхавіцкі, Малькавіцкі — у Лунінецкі раён. 30.07.1966 годзе раён ўзноўлены. Уключае горад Ганцавічы і 36 сельскіх населеных пунктаў, падзяляецца на 8 сельсаветаў: Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Любашаўскі, Люсінскі, Малькавіцкі, Нацкі, Хатыніцкі, Чудзінскі. Гарадское насельніцтва 41,4%. Сярэдняя шчыльнасць — 21 чалавек на 1 км².
Праз раён праходзяць чыгунка Баранавічы — Лунінец, аўтадарогі Клецк — Ганцавічы — Лунінец, Ганцавічы — Пінск.
Раён размешчаны ў паўднёва-ўсходняй частцы Прыпяцкага Палесся. Паверхня — плоскахвалістая раўнінная. Пераважаюць вышыні 150 — 160 метраў. Найвышэйшы пункт (195,8 метраў) знаходзіцца на поўначы раёна каля вёскі Шашкі. З карысных выкапняў ёсць торф (4 радовішчы з запасам 28,3 міліёнаў тон), будаўнічыя пяскі, гліны (5 радовішчаў). Найбольшая рака — Лань з прытокам Нача, таксама - Цна, Бобрык 1-ы (усе — левыя прытокі Прыпяці). На Лані створана вадасховішча Лактышы. Ганцавіцкі раён — адзін з найбольш лясістых раёнаў Брэсцкай вобласці. Лясы займаюць 53% тэрыторыі. Пад балотамі 13,2 тысяч гектараў. Найбольшыя балотныя масівы — Падвялікі Мох, Пусташ-Дабралуцкае, Галь, Пятрова Паляна, Саніта. У раёне створаны гідралагічны заказнік Падвялікі Мох, частка тэрыторыі раёна ўваходзіць у ландшафтны заказнік «Выганашчанскае». Біялагічныя заказнікі Борскі і Ялоўскі створаны з мэтай захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Агульная плошча сельгасугоддзяў 50,4 тысяч гектараў (у тым ліку асушаных 39,1 тысяч). У эканоміцы раёна пераважае сельгасвытворчасць. Асноўная яе галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля. Пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прамысловасць прадстаўлена прадпрыемствамі будаўнічых матэрыялаў і харчовай прамысловасці. Працуе рыбгас «Лактышы». На тэрыторыі раёна выяўлены помнікі археалогіі — курганныя могільнікі паблізу ад вёсак Агарэвічы, Дзяніскавічы, Малыя Круговічы, Малькавічы, Ясянец. Захаваліся помнікі архітэктуры: сядзіба другой паловы ХІХ стагоддзя ў вёсцы Агарэвічы, цэрквы: Праабражэнская (1896 год) у вёсцы Будча, Георгіеўская (1771 год, другая палова ХІХ стагоддзя) ў вялікія Вялікія Круговічы, Георгіеўская (1876 год) у вёсцы Чудзін і іншыя.
Населенныя пункты: